Вы працягваеце сваё падарожжа па дзіўнай краіне пад назвай Хімія. Вы ўжо асвоілі асновы мовы гэтай навукі, даведаліся пра розныя хімічныя рэчывы і іх уласцівасці, а галоўнае, зразумелі, што хімія — гэта навука пра хімічныя ператварэнні рэчываў, якая вывучае самыя разнастайныя хімічныя працэсы.
У курсе хіміі 9-га класа перад вамі раскрыецца дзіўны свет неарганічных рэчываў. Вы пазнаёміцеся з хіміяй неметалаў і металаў, вывучыце фізічныя і хімічныя ўласцівасці простых рэчываў і найважнейшых злучэнняў, а таксама іх практычнае ўжыванне. Пры гэтым вам давядзецца пазнаёміцца з асобым класам злучэнняў вугляроду — з арганічнымі рэчывамі. Вы даведаецеся пра асаблівасці гэтых рэчываў і іх ролю ў навакольным свеце, у жыцці і дзейнасці чалавека.
