Дарагія пяцікласнікі! Гэта кніга запрашае вас у цудоўны і загадкавы свет беларускай літаратуры.
Літаратура мае пазнавальнае значэнне. У ёй захаваны духоўнае багацце ўсяго чалавечага роду, вопыт і мудрасць нашых продкаў і сучаснікаў. Народная мудрасць сцвярджае: «На працягу ўсяго веку кніга вучыць чалавека», «Кніга — маленькае акенца, а праз яго ўвесь свет відаць», «Дзе розумам не дайду, дык у кніжцы знайду». Сустрэча з кнігай — заўсёды нечаканыя адкрыцці, новыя ўражанні, моцныя перажыванні.
