Вы працягваеце вывучаць курс працоўнага навучання. У 9-м класе вы пашырыце свае веды пра дрэва- і металаапрацоўку, пазнаёміцеся з сучаснымі відамі апрацоўкі драўніны і металаў, іх асаблівасцямі. Даведаецеся пра кампазіцыйныя матэрыялы, іх сферы ўжывання; паглыбіце свае веды пра ручныя электрыфікаваныя інструменты для метала- і дрэваапрацоўкі. Навучыцеся прыёмам тачэння на такарных станках па дрэве і метале, зможаце самастойна праектаваць і вырабляць прадметы, якія падорыце сябрам і родным, ці проста карыстацца імі ў быце. Таксама даведаецеся пра віды штэпсельных разетак, выключальнікі, тыпы электрычных лямп, зможаце выканаць рамонт электрычнага падаўжальніка і замяніць штэпсельную вілку. Пазнаёміцеся з некаторымі рабочымі прафесіямі людзей, занятых у сферы вытворчасці.
